ГУ "Детско-юношеская спортивная школа №2"

г.Пружаны

Раённыя будні

Часта даводзіцца чуць скаргі, маўляў, у малым горадзе няма дзе бавіць вольны час. А як жа більярд, настольны тэніс, басейн, каток, аквапарк, трэнажорная зала, аэрахакей, настольны футбол? І гэта далека не поўны пералік паслуг, якія прадастаўляе ДЮСШ №2.

 

Сёння тут робіцца ўсё, каб зацікавіць наведвальнікаў. Напрыклад, у дадатак да ўжо звыклых паслуг набыты настольны футбол і аэрахакей. Больш зручнай стала ігра на більярдзе:  9-футавы і 12-футавы сталы ўжо не перашкаджаюць адзін аднаму.

Значна абноўлена абсталяванне трэнажорнай залы. 

Таксама для зручнасці  зняты бар’еры і зроблена адна агульная зона ў басейне і аквапарку, што асабліва ацанілі прадстаўнікі арганізацый, якія карыстаюцца абанементам. Флагман тут, дарэчы, —  “Юнімілк Пружаны”. Менавіта супрацоўнікі гэтага прадпрыемства склалі першую групу, якая займаецца ў трэнажорнай зале па сваім раскла-дзе. Сэнс у тым, што інструктар выпрацоўвае персанальную, максімальна карысную праграму для кожнага чалавека, сочыць за яго дасягненнямі.

акую паслугу  можа заказаць  любы жадаючы. Складанне індывідуальнай праграмы каштуе каля 70 тысяч рублёў. Спецыяліст, зыходзячы з фізіялагічных дадзеных кліента, распрацоўвае праграму заняткаў, прагназуе вынікі і сочыць за іх дасягненнем. Калі вы, напрыклад,  мяркуеце пазбавіцца ад лішняй вагі, можна зрабіць гэта без шкоды для здароўя і доўга ўтрымліваць дасягнуты вынік.

Быць здаровым і прыгожым дапаможа таксама аквааэробіка. Заняткі праходзяць пад музыку. Практыкаванні ў вадзе спрыяюць падтрыманню тонусу мышцаў, агульнаму ўмацаванню арганізма.

Для падтрымання здароўя можна паляжаць у джакузі з халоднай ці гарачай марской вадой, расслабіцца ў масажным крэсле.

Нікому лішнім не будзе і звычайнае плаванне. Мяркуецца, што  ў дадатак да дзіцячых тут будуць створаны і групы  для дарослых, а пакуль «неарганізаваным» плыўцам можна паплаваць самастойна.

Пры ДЮСШ №2 шмат робіцца і для развіцця турызму.

 

—З некаторымі школамі раёна ўжо добра адпрацаваны наступны спосаб узаемадзеяння: прадстаўнік школы заказвае паездку ў любы куток Беларусі, спецыялісты разлічваюць кошт, дамаўляюцца з музеямі і экскурсіямі. Настаўніку застаецца толькі пасадзіць дзяцей у аўтобус. Гэтак жа мы працуем і з арганізацыямі, —расказвае дырэктар установы А.А.Ваткевіч.

—Для гасцей раёна рыхтуем сюрпрыз. Нядаўна мы ўзялі на баланс базавую школу ў Крыніцы, плануем адкрыць там малабюджэтную гасцініцу. Мясціны гэтыя вельмі маляўнічыя, побач пушча. Думаю, турысты будуць з задавальненнем там спыняцца, у тым ліку падчас фестывалю “Крыніца – грыбоў сталіца”. На сёння амаль увесь лёд на лета ўжо выкуплены, магчыма, і хакеісты будуць з Крыніцы ездзіць на трэніроўкі, — кажа Анатоль Анатольевіч.

Паслугі для насельніцтва, асабліва тыя, што спрыяюць умацаванню здароўя, безумоўна, вельмі важныя. Тым не менш, галоўны ўпор робіцца на падрыхтоўку будучых спартсменаў.

Тут  прыкладаюць усе намаганні, каб утрымаць той высокі ўзровень падрыхтоўкі фігурыстаў, які ўжо зададзены. Добра выглядае і хакейная каманда хлопчыкаў 2000 года нараджэння, якую трэніруе Павел Клімянкоў. Мяркуецца падцягнуць узровень плавання, але і тут ужо ёсць выдатныя поспехі, нават прызы міжнародных спаборніцтваў, а выхаванка Аляксандра Шаманава Святлана Легкашкур выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту.